Нямеччына й Польшча

І апошняе што хацеў сёньня напісаць. Гэта параўнаньне Нямеччыны й Польшчы на прыкладзе Ўроцлава й Мюнхэна. Калі я толькі сюды ехаў, то чакаў зусім іншы узровень, што усё тут будзе багацей, прыгажэй, больш выдатна. Але мяне чакаў вялізны аблом. Так, сьмецьця на вуліцах я тут не знайшоў, дамы тут не аблезлыя, як у Польшчы. Але па большасьці нічога пасьля вайны не аднаўлялі. Нават самы цэнтар Мюнхэна забудаваны дамамі, якія выглядаюць не прыгажэй за нашыя хрушчоўкі. Дарогі такія самыя пабітыя, як і ў Польшчы, але замест брукоўкі тут звычайны танны бэтон. Упрыгожваньняў па мінімуму, такога як у Польшчы няма. Эстэтычна Польшча прыгажэй за Нямеччыну. Будзе час неяк можа выкладу здымкі.

Collapse )

Пра LMU 3

Усё зьбіраўся распавесьці пра парадкі тут. Так вось, сэсіі тут няма. Але гэта ня значыць, што няма іспытаў. Проста звычайна замест апошняе лекцыі - іспыт. Дзьве лекцыі ў адзін дзень - два іспыта. Пераздачаў тут таксама няма - адзін іспыт - адна спроба. І шмат тых хто не здае іспыты. Але нікога за гэта не выганяюць. Нават дадатковае платы не запатрабуюць. Дыплём дадуць як будзе набрана неабходная колькасьць балаў. Ёсьць некалькі модуляў і ўсё заняткі дзеляцца па прыналежнасьці да модуляў. Лекцыі аднаго тыпу, другога, трэцяга, сэмінары, практыка, лябараторныя заняткі. У кожным модулю свае патрабаваньня. Напрыклад трэба здаць 2 лекцыі з модуля А, 4 з модуля В, 3 з C і гэтак далей. І ў кожным з модуляў вялізарны выбар лекцыяў. Так тут адзін з такіх модуляў у якім трэба здаць 4 іспыты за 2 гады, дае выбар з больш чым 25 прадметаў. Як здаеш усё што трэба - атрымліваеш дыплём. І дарэчы ў такіх выпадках у людзей зьяўляюцца амбіцыі, на складаныя лекцыі ходзіць дастаткова шмат людзей.

Каддафі

Мяне шчыра насьцярожвае хваля спачуваньня ў Расеі гэтай асобе. Вельмі добра вядома, што ён быў мярзотнікам, якіх на гэтым сьвеце мала. Але ж, усе як адзін заладзілі: "Амэрыканцы забілі яго за нафту, ды за то што паказваў, што можна зрабіць дабрабыт без дэмакратыі." Амэрыканцы там наогул з боку стаяць. Адзіная прычына чаму яны палезьлі ў канфлікт, таму што спужаліся, што нейкае пытаньне глябальнага маштабу будзе вырашана бяз іх удзелу, яны сябе такога дазволіць ня могуць, іх прыхільнікі рэспубліканцаў проста парвуць. Але заметка не пра гэта. Кажуць, што там зараз бясплатнае жыльлё было, мэдыцына, адукацыя. Глядзім афіцыйную статыстыку. Даход 100 даляраў на чалавека. Здавалася ня блага. Але гэта сярэдні даход. Гэта значыць, што нехта можа зарабляць 500 даляраў, а іншы 5. З таго што даведаўся, так яно й было. Функцыянэры ды вайскоўцы, каталіся як сыр у маслу. А вось 90% народу жыло на нейкіх 20-30 даляраў у месяц. Таму ня дзіўна, што з канца 80-х гадоў яны рызыкуя жыцьцём, пераплываюць Сяродзэмнае мора, каб месьці вуліцы ў гарадах Эўропы. Дарэчы статыстыка кажа, што іх тут палова мільёна, што для краіны з насельніцтвам 6,5 мільёнаў гэта проста вельмі шмат. Калі там так добра, так навошта яны гэта робяць?! Атрымліваецца, паўстаньне ў Лівіі, была не змова, не нейкі вайсковы пераварот, ці прыход да ўлады людзей іншае ідэалёгіі, а гэта быў звычайны галодны бунт. Але гэта далёка не галоўнае.

Расейцы напрыклад перакананы, што ўсе войны якія амэрыканцы робяць, гэта толькі дзеля таго, ці 1)каб разбурыць іх краіну 2)каб зарабіць на нафце. Арабы таксама маюць стэрэатып на гэты конт, але яны перакананы, што амэрыканцы вядуць вайну супраць іх веры. Крыжовыя паходы ня скончаныя, і амэрыканцы проста сьпяць і бачаць арабаў хрысьціянамі. Каддафі быў не выключэньне. Але акрамя размоў на кухні, далей для большасьці справа не выходзіць. Палкоўнік вырашыў дзейнічаць. Не было ў 70-80ых гадах 20 стагодзьдзя, такой тэрарыстычнае групоўкі, якая бы нішчыла хрысьціян, і не атрымлівала зброю ды грошы ад Каддафі. Ён нават дапамагаў ненавісным камуністам у Лацінскае Амэрыцы. Не было ў тыя самыя гады ў Афрыцы рэвалюцыі ці грамадзянскае вайны, дзе бы не засьвяціліся людзі Каддафі. Але ў 80-х гадах, ён вырашыў, што гэтага мала, і што было бы ня блага зрабіць уласнаю тэрарыстычную арганізацыю. І пачалося. З даказанага ня так шмат канешне, 2 ўзарваных самалёта, ды дыскатэка. Але яшчэ каля дзесятка авіавыпадкаў у якіх загінулі былыя саратнікі палкоўніка. Але гэтага мала, ён вырашыў абзавесьціся ядзернае зброяй. І гэта была апошняя кропка, яго паабяцалі прыструніць. Бо адна справа калі фінансуеш ІРА ці ЭТА, іншая справа калі псіх з ядзернай зброяй не цураецца забіваць мірных людзей. Але той зразумеў, што яму будзе кепска. На пачатку 90-х пакаяўся, выбачыўся, зачыніў сваю праграму па вытворчасьці ядзернае зброі. Акрамя ўсяго за час свайго кіраваньня ён уцягнуў сваю краіну ў некалькі войнаў з суседзямі: Эгіпецка-Ліванская вайна 1977 года, вайна з Чадам 1980-ага года. Займаўся публічнымі расстрэламі палітычных вязьняў, і калі пачалося паўстаньне супраць яго, ён нават ня дрогнаўшы прыказаў бамбіць бязброеных людзей. І шмат каму ў Расеі ня гледзячы на ўсё гэта ён падабаецца. Шчыра, я баюся гэтых людзей!

Яшчэ трохі пра LMU

Я разумею, што людзі далёкія ад фізыцы могуць ня ведаць гэты ўнівэрсытэт. Але калі мяне фізыкі пытаюць: "А LMU гэта што?" Пытаньне мяне проста забівае, бо гэта аналягічнае пытаньню: "А Альберт Айнштайн гэта хто?" Менавіта ў LMU у 19 стагодзьдзі Георг Ом адкрыў свой усім вядомы закон, і з таго часу Ўнівэрсытэт зрабіўся цэнтрам разьвіцьця фізыкі сьвятовага узроўню. Менавіта гэты Ўнівэрсытэт скончылі Макс Планк, Вольфганг Паўлі, Вэрнэр Хайзэнбэрг, і там пасьля працавалі. З імён якія датычныя да разьвіцьця квантавае мэханіцы й не зьвязаныя з гэтым Унівэрсытэтам, можна толькі пералічыць Поля Дзірака з Кэмбрыджа, Эрвіна Шродынгера з Грацу, Макса Борна з Гётынгенскага Унівэрсытэту, канкурэнцыю Мюнхэну у той час рабіў толькі унівэрсытэт у Капэнгагене, разам з Нільсам Борам.

Пасьля вайны значэньне LMU канешне значна паменшылася, нават у самой Нямеччыне. З Нямеччыны большасьць фізыкаў перабраліся ў ЗША, нават яшчэ перад вайной (бо шмат хто з іх быў габрэем). Вярнуўся сюды толькі Вернэр Хайзэнберг, дзе прапрацаваў да канца свайго жыцьця. Пасьля вайны галоўным нямецкім асяродзьдзем фізычнае думкі стаў Хайдэльбэрг, таго сама узроўню, што й у Мюнхене было прадстаўніцтва фізыкаў у Франкфурце. Але апошнім часам робіцца шмат намаганьняў каб вярнуць Унівэрсытэту значэньне сьвятовага узроўню. Я ня ведаю другога такога ўнівэрсытэта ў Эўропе, дзе быў бы такі багаты выбар лекцыяў . Ня шмат такіх унівэрсытэтаў, дзе сабраныя у такой колькасьці і такога узроўню кадры (лекцыі якія чытаюць не прафэсары - тут амаль не існуюць, а тытул прафэсара у Нямеччыне атрымаць значна складаней чым у былым СССР (ня блытаць з ЗША)). Акрамя тых двух, якія ўзгадаў раней, па узроўню кадраў магу прыгадаць толькі унівэрсытэт ува Ўтрэхце. А так, шчыра кажучы, вельмі сумна, што беларусы ня маюць ніякага паняцьця дзе, што й як дзеяцца ў сьвеце.

Свабода й дэмакратыя ў Нямеччыне

Ніколі бы не падумаў, што з гэтым тут могуць быць вялікія праблемы. Шчыра кажучы, вельмі зьдзіўлены. Канешне, так выбары як у Беларусі тут не фальсыфікуюць, і нават так як у Расеі. Але, вось прыклад, калі падпісваў кантракт на працу, то быў вымушаны падпісаць паперку, што не зьяўляюся сябрам ніводнай з тых арганізацыяў і сьпіс з прыкладна 150 палітычных і рэлігійных арганізацыяў у тым ліку афіцыйна дазволеныя, на рэгіянальным узроўні прадстаўленых у парлямэнтах, як напрыклад НПД. Самае дзіўнае у тым сьпісе я ані ХДС, ані СДПГ там не знайшоў. Асобна чамусьці папрасілі падпісаць паперку, што я не саэнтоляг. Ці нармалёва гэта?! Мне сказалі, што такія чорныя сьпісы ёсьць толькі для дзяржаўных арганізацый, для прыватных нікому не забаронена браць каго заўгодна. Ок, але акрамя гэтага любая арганізацыя якая правее за ХДС тут аўтаматычна аб'яўляецца нэанацысцкае, і напрыклад па нямецкіх мерках пад нэанацысцкаю пападаюць беларускі БНФ, ці расейскае ЛДПР. І па ўсіх мэдыях ідзе траўля. Наогул тут нейкая параноя з нацысцкім мінулым, за любыя выказваньня на гэту тэму акрамя рэзка нэгатыўных (нават проста агучваньне нейкіх фактаў) - можна пазбавіцца працы, тое самае датычыцца пытаньня эміграцыйнае палітыцы. Тут ніхто на гэтую тэму не размаўляе - бо небясьпечна. Другая тэма якая тут пад моцнае дыскрымінацыяй гэта экалёгія. Шмат дзе пішуць пра новыя экалягічныя узнаўляльныя крыніцы энэргіі, пра тое як гэта клёва й добра, і якія мы малайцы што гэта прасоўваем. А вось напрыклад нідзе ня бачыў інфармацыі, пра тое што, напрыклад яна ўтрая даражэй за якую-кольвек іншую энэргію, ці напрыклад, тое што вытворчасьць сонечных батарэяў вельмі таксычнае, а ветракі забіваюць птушак і яшчэ мацней кажаноў. Ці нейкія факты на карысьць атамнае энэргетыкі. Ніхто гэта не апублікуе.

LMU

Учора быў пад уражаньнем ад адной рэчы. Вырашыўшы паскардзіцца адной сваёй сяброўцы, якая таксама вучыцца ў LMU на свой цяжкі лёс і сказаў ёй прыкладна нешта такое: "Калі я вучыўся ў БДУ, то да сэсіі пачынаў рыхтавацца за 2-3 дні перад іспытам, калі трапіў ва Ўроцлаў то сядаць рыхтавацца да іспытаў трэба было недзе на месяца 1,5 - 2, а тут я сяджу кожны дзень па 10 гадзін за вучобай, а матэрыялу, які трэба разьбіраць, тое што было на лекцыях усё болей і болей, такое уражаньне, што сядаць рыхтавацца да іспытаў трэба яшчэ да пачатку сэмэстру". Яе адказ мяне забіў: "А ты што ня ведаў?! Тут большасьць так і робіць, чытаюць натакі альбо прапанаваную літаратуру яшчэ перад пачаткам лекцыі, а на лекцыі паўтараюць ужо другі раз..." Я прыфігеўшы, распавёў гэтую размову іншаму сябру. Ён мне адказвае: "Ну так, але можна трэніраваць канешне інтуіцыю, усё вывучыць немагчыма - факт, але зразумець што тут галоўнае, а што не і пасьпець вывучыць галоўнае цягам сэмэстру - магчыма. Але гэта дрэнны мэтад, мой іспыт па Электрадынаміцы скончыўся трагічна, бо ня трапіў у ніводнае з пытаньняў".

Вось сяджу прыфігеўшы дагэтуль.

Сацыялёгія

Я ўжо атрымаў месца ў чорным сьпісе журналістаў. Зараз буду клікаць на сябе анафэму ад сацыёлягаў. У мяне так і не атрымалася прачытаць ніводнага падручніка, які быў бы навуковым з пункту азначэньня, тое што значыць гэты тэрмін - навука. Па большасьці тое што сустракаю - гэта маніпуляцыя фактамі. Напрыклад. Адзін паважаны ў сваіх колах амэрыканскі прафэсар, спрабуючы даказаць што паміж людзьмі няма розьніцы, ужыў аргумэнтаў, з дапамогі якіх я магу даказаць, што паміж людзьмі й маўпамі, ды сьвіньнямі - таксама няма розьніцы. А ўсе факты якія супярэчылі яго тэорыі, ён альбо праігнараваў, альбо сьпісаў на іншыя фактары, як напрыклад культурны, ці дыскрымінацыя. Вось я напрыклад вельмі сумняваюся, фізычныя паказчыкі бегуноў неяк моцна залежаць ад культуры, ці дыскрымінацыі.
Вось, я не разумею, навошта зараз ідзе спроба даказаць тое што відавочна не зьяўляецца праўдай. Замест таго каб сказаць, да мы статыстычна розныя, з роўнымі здольнасьцямі, але гэта не нагода для дыскрымінацыі, яны займаюцца дыскрэдытацыяй сябе й сваёй "навукі".

Просьба, калі нехта можа падказаць нейкі добры падручнік па сацыялёгіі, дзе бы насамрэч разглядаліся працэсы, які маюць месца быць у грамадцтве, а не падагнаныя пад сучасную палітычную ідэалёгію факты. Падкажыце калі ласка!

Майму лепшаму сябру...

Апошнім часам мы ня шмат зносіліся, праца, вучоба, бачыліся яшчэ радзей, усё ж Ўроцлаў трохі далёка ад Масквы. Але заставаліся добрымі сябрамі як і раней. Яго ніколі ня трэба было прасіць, ён ніколі не рабіў нешта, што можна было зразумець дваяка. Ён ні разу мяне ні кінуў у складанае сытуацыі, заўсёды разумеў усе мае дзеяньні й заўсёды мяне падтрымліваў.

Памятаю, як толькі зь ім пазнаёміліся так зносіліся десяткамі гадзін. Спрачаліся. Вось ня ведаю ці гэты было выпадкова, ці шматгадзінные размовы зрабілі на нас уплыў, але па большасьці амаль усе зацікаўленасьці ў нас былі аднолькавыя: музыка, вайсковыя справы, палітыка, архітэктура, і шмат іншага. А вось погляды заўсёды былі розныя. І мы заўсёды спрачаліся, да страты прытомнасьці. Але ніколі не сварыліся, толькі аднойчы, але праз дзень папрачілі адзін у другога прабачэньне й дамовіліся на гэтую тэму больш не спрачацца.

Амаль адразу як я зь ім пазнаёміўся, сталі трапляць у розныя глупыя, але вяселыя гісторыі. Другі раз калі я паехаў да яго ў Маскву было так, што ўцёк са шпіталю. Пасьля тых гісторыяў была тысяча. Ў лютым быў у Маскве на канфэрэнцыі, ня мог не завітаць да яго ў госьці, сустрэліся с нашае агульнае сяброўкаю, увесь вечар толькі і прыгадвалі былое. І дамовіліся неяк сабрацца разам як у былыя часы й трапіць у якія гісторыі. На наступны дзень я паехаў, трэба было вяртацца ва Ўроцлаў. На развітаньне ён мяне папракнуў: «Што ты ня можаш застацца хоць на тыдзень?!» «Наступным разам абавяскова выбяру час калі буду вольны й прыеду нават на два», - адказаў я. Але ніхто ня ведаў, што наступнага разу ўжо ня будзе. 15 кастрычніка, вельмі нечакана сябра ня стала...

(no subject)

шчыра кажучы апошнім часам шмат чаго зьявілася распавесьці, але няма часу гэта зрабіць. Трэба будзе неяк пакінуць для патомкаў запіс, паспрабую у наступны мой выходны гэтым заняцца

(no subject)

Поўная рэжысёрская версія першага анімацыйнага фільма па гісторыі Беларусі "Будзьма беларусамі!" мае вышэйшую за папярэднія рэлізы якасць відэа і большы хранаметраж. Відэа змяшчае яшчэ плюс 22 секунды беларускай гісторыі пасля 1991 года і імёны ўсіх тых, хто прыклаў рукі да яго стварэння.